Хіяс
Хіяс | |
---|---|
грэч. Χίος | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 842,5 км² |
Насельніцтва | 51 930 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 61,64 чал./км² |
Размяшчэнне | |
38°24′ пн. ш. 26°01′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Эгейскае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Хі́яс (грэч. Χίος) — востраў у Эгейскім моры. Уваходзіць у склад Грэцыі. Агульная плошча — 842,5 км². Насельніцтва — 51930 чал. (2011 г.).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Хіяс месціцца ва ўсходняй частцы Эгейскага мора, усяго за 4,6 км ад тэрыторыі Турцыі, за 194 км на паўночны ўсход ад Афінаў і 1707 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 50,9 км, найбольшая шырыня — 29 км.
Востраў мае вулканічнае паходжанне. Знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад краю тэктанічнай платформы, таму лічыцца сейсмічна небяспечным. Ландшафт гарысты, асабліва на поўначы, дзе гара Пелінаён узвышаецца на 1297 м. Берагі скалістыя, узвышаныя. Толькі ў некалькіх месцах вылучаюцца пляжы.
Клімат засушлівы субтрапічны. Сярэдняя тэмпература студзеня +5—11 °C. Сярэдняя тэмпература ліпеня +19—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 520 мм. Самыя засушлівыя месяцы — ліпень і жнівень, калі ападкі не перавышаюць 1 мм. Часцяком дажджы не здараюцца на працягу ўсяго лета.
Прырода
[правіць | правіць зыходнік]У антычнасці значная частка вострава была пакрыта хваёвымі лясамі. З-за кліматычных змен і дзейнасці чалавека ў наш час флора прадстаўлена пераважна ксерафітнымі хмызнякамі і травамі. Лясы захаваліся толькі ў гарах. У 2012 г. пажары знішчылі каля 36 000 га лясоў і сельскагаспадарчых насаджэнняў.
Востраў Хіяс — сезоннае месца адпачынку многіх відаў пералётных птушак.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Хіяс быў населены не раней за 1600 г. да н. э. Старажытнагрэчаскія гісторыкі лічылі, што першымі жыхарамі былі лелегі. У IX ст. да н. э. востраў быў заняты перасяленцамі з Кіпра і Эўбеі. У класічную эпоху хіясцы размаўлялі на іанійскім дыялекце грэчаскай мовы і ўваходзілі ў Іанійскі саюз. Мясцовым ураджэнцам лічыўся Гамер. З канца VII ст. да н. э. тут чаканілі ўласную манету, вёўся актыўны гандаль, у тым ліку з такімі аддаленымі месцамі як Паўночнае Прычарнамор'е, Егіпет і Галія. Насельніцтва Хіяскага поліса дасягала 120 тыс. чал. Галоўным прадметам экспарту было віно.
У VI ст. была ўсталявана дэмакратычная сістэма кіравання па вобразу Афінаў. Сувязі з Атыкай сталі асабліва важнымі з сярэдзіны VI ст. да н. э., калі Хіяс вёў барацьбу за незалежнасць супраць дзяржавы Ахеменідаў. У 478 г. да н. э. поліс увайшоў у Дэласкі саюз, у якім быў пазбаўлены абавязку выплочваць свой унёсак грашыма. Замест гэтага астравіцяне забяспечвалі саюзнікаў караблямі. У 412 г. да н. э. хіясцы паўсталі супраць дыктату з боку афінян, былі атакаваны афінскім флотам, але здолелі выдужаць аблогу з дапамогай спартанцаў. Пазней востраў увайшоў у склад Македоніі, потым Рымскай дзяржавы.
З 395 г. н. э. у складзе Візантыі. У XI ст. кароткі час знаходзіўся пад уплывам сельджукаў. У 1261 — 1566 гг. — калонія Генуэзскай рэспублікі. Мясцовыя генуэзскія землеўладальнікі вялі асабістую знешнюю палітыку, што асабліва стала характэрным для першай паловы XVI стагоддзя. У 1566 г. востраў афіцыйна ўвайшоў у склад Асманскай імперыі. Асманскае кіраванне было адзначана вяртаннем грэчаскага ўплыву.
Мясцовыя гандляры і чыноўнікі — пераважна грэкі — атаясамлялі свой поспех з турэцкімі ўладамі, таму ў пачатку XIX ст. яны вельмі насцярожана аднесліся да руху за незалежнасць Грэцыі. У 1822 г. на Хіяс пераправілася некалькі сотняў грэкаў-рэвалюцыянераў з вострава Самас. У адказ, асманскія ўлады высадзілі дэсант, які арганізаваў разню паўстанцаў і мірнага насельніцтва. Хіяс увайшоў у склад Грэцыі толькі ў 1912 г.
Культурная спадчына
[правіць | правіць зыходнік]У 1990 г. праваслаўныя манастыры Дафні, Хосіас-Лукас і Неа-Моні на востраве Хіяс былі ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Выгляд з космасу
-
Хіяс у 1578 г.
-
Генуэзская крэпасць
-
Скалы ля ўзбярэжжа
-
Праваслаўная капліца
-
Піргі
-
Манастыр Неа-Моні
-
Мясцовасць вакол Неа-Моні
-
Вуліца ў Месце
-
Вёска ў гарах
-
Хіяская архітэктура
-
Пляж
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- UNESCO
- Chios History, Greece: Information about the history of Chios, Eastern Aegean
- chiosnet.gr Архівавана 27 студзеня 2021.
- chiosnature.org
- Neogene volcanoes of Chios, Greece: the relative importance of subduction and back-arc extension
Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 537 рус. • англ. • фр. |