[go: up one dir, main page]
More Web Proxy on the site http://driver.im/Перайсці да зместу

Microsoft Excel

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Microsoft Excel
Выява лагатыпа
Excel 2019 у Windows 10
Excel 2019 у Windows 10
Тып Таблічны працэсар
Распрацоўшчык Microsoft
Аперацыйная сістэма Windows, macOS, Android, iOS и Windows Mobile
Першы выпуск 30 верасня 1985
Апошняя версія Office 365: 2002 (16.0.12527.20278) / 10 сакавіка 2020;
Windows: 2019 (16.0) / 24 верасня 2018;
macOS: 16.30 (Build 19101301) / 15 кастрычніка 2019;
Android: 16.0.12026.20174 / 17 верасня 2019
iOS: 2.30.1 / 18 кастрычніка 2019;
Windows Mobile: 16002.12325.20032.0 / 12 снежня 2019
Ліцэнзія Trialware / Commercial software
Сайт Microsoft Excel
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Microsoft Excel (можна сустрэць назву Microsoft Office Excel[1]) — праграма для працы з электроннымі табліцамі, створаная карпарацыяй Microsoft для Microsoft Windows, Windows NT і Mac OS, а таксама Android, iOS і Windows Phone. Праграма дае магчымасці эканоміка-статыстычных разлікаў, графічныя прылады і, за выключэннем Excel 2008 пад Mac OS X, мову макрапраграмавання VBA (Visual Basic for Application). Microsoft Excel уваходзіць у склад Microsoft Office.

У 1982 годзе Microsoft запусціла на рынак свой першы электронны таблічны працэсар Multiplan, які быў вельмі папулярны на CP/M сістэмах, але на MS-DOS сістэмах ён саступаў Lotus 1-2-3. Першая версія Excel прызначалася для Mac і была выпушчана ў 1985 годзе, а першая версія для Windows была выпушчана ў лістападзе 1987 года. Lotus не спяшалася выпускаць 1-2-3 пад Windows, і Excel з 1988 года пачала абыходзіць па продажах 1-2-3, што ў выніку дапамагло Microsoft дасягнуць пазіцый вядучага распрацоўшчыка праграмнага забеспячэння. Microsoft умацоўвала сваю перавагу з выпускам кожнай новай версіі, што мела месца прыкладна кожныя два гады. Актуальная версія для платформы Windows — Excel 19, таксама вядомая як Microsoft Office Excel 2019. Актуальная версія для платформы macOS — Microsoft Excel 2019.

Напачатку свайго шляху Excel стаў прычынай пазову аб таварным знаку ад іншай кампаніі, якая ўжо прадавала пакет праграм пад назвай «Excel». У выніку спрэчкі Microsoft была абавязана выкарыстоўваць назву «Microsoft Excel» ва ўсіх сваіх афіцыйных прэс-рэлізах і юрыдычных дакументах. Аднак з часам гэтая практыка была забыта, і Microsoft канчаткова ўхіліла праблему, набыўшы таварны знак іншае праграмы. Microsoft таксама вырашыла выкарыстоўваць літары XL у якасці скарочанай назвы праграмы: іконка Windows-праграмы складаецца са стылізаванай выявы гэтых дзвюх літар, а пашырэнне файлаў па змоўчанні ў Excel — .xls.

У параўнанні з першымі таблічнымі працэсарамі Excel дае мноства новых функцый інтэрфейсу карыстальніка, але сутнасць застаецца ранейшай: як і ў праграме-родапачынальніку, VisiCalc, арганізаваныя ў радкі і слупкі клеткі-ячэйкі могуць утрымліваць даныя або формулы з адноснымі ці абсалютнымі спасылкамі на іншыя клеткі.

Excel быў першым таблічным працэсарам, які дазваляў карыстальніку змяняць вонкавы выгляд табліцы на экране: шрыфты, сімвалы і вонкавы выгляд ячэек. Ён таксама першым даў метад разумнага пераліку ячэек — абнаўленні толькі ячэек, якія залежаць ад змененых ячэек: раней таблічныя працэсары пералічвалі ўсе ячэйкі; гэта рабілася або пасля кожнай змены (што на вялікіх табліцах доўга), або па камандзе карыстальніка (што магло ўводзіць карыстальніка ў зман не пералічанымі значэннямі).

Быўшы ўпершыню аб’яднанымі ў Microsoft Office у 1993 годзе, Microsoft Word і Microsoft PowerPoint атрымалі новы графічны інтэрфейс для адпаведнасці Excel, галоўнага стымулу мадэрнізацыі ПК у той час.

Пачынаючы з 1993 года, у склад Excel уваходзіць Visual Basic для дадаткаў (VBA), мова праграмавання, заснаваная на Visual Basic, якая дазваляе аўтаматызаваць задачы Excel. VBA з’яўляецца магутным дапаўненнем да дадатка і ў пазнейшых версіях Excel даступна поўнафункцыянальнае інтэграванае асяроддзе распрацоўкі. Можна стварыць VBA-код, які будзе паўтараць дзеянні карыстальніка і, такім чынам, аўтаматызаваць простыя задачы. VBA дазваляе ствараць формы для зносін з карыстальнікам. Мова падтрымлівае выкарыстанне (але не стварэнне) DLL ад ActiveX; пазнейшыя версіі дазваляюць выкарыстоўваць элементы аб’ектна-арыентаванага праграмавання.

Функцыянальнасць VBA рабіла Excel лёгкай мішэнню для макравірусаў. І гэта было сур’ёзнай праблемай да часу, пакуль антывірусныя прадукты не навучыліся выяўляць іх. Фірма Microsoft, са спазненнем прыняўшы меры для памяншэння рызыкі, дадала магчымасць выбару рэжыму бяспекі:

  • цалкам адключыць макрасы
  • уключыць макрасы пры адкрыцці дакумента
  • давяраць усім макрасам, падпісаным з выкарыстаннем надзейных сертыфікатаў.

Версіі Excel ад 5.0 да 9.0 утрымліваюць розныя «велікодныя яйкі», хоць, пачынаючы з версіі 10 Microsoft пачала прымаць меры па іх ліквідацыі.

  • 1988 год — Excel 2.0 для Windows
  • 1990 год — Excel 3.0
  • 1992 год — Excel 4.0
  • 1993 год — Excel 5.0 (Office 4.2 і 4.3, таксама ёсць 32-бітная версія толькі для Windows NT)
  • 1995 год — Excel 7 для Windows 95 (уключаны ў пакет Microsoft Office 95)
  • 1997 год — Excel 97 (уключаны ў пакет Microsoft Office 97)
  • 1999 год — Excel 2000 (9) — Microsoft Office 2000
  • 2001 год — Excel 2002 (10) — Microsoft Office XP
  • 2003 год — Excel 2003 (11) — Microsoft Office 2003
  • 2007 год — Excel 2007 (12) — Microsoft Office 2007
  • 2010 год — Excel 2010 (14) — Microsoft Office 2010
  • 2013 год — Excel 2013 (15) — Microsoft Office 2013
  • 2015 год — Excel 2016 (16) — Microsoft Office 2016
  • 2018 год — Excel 2019 (17) — Microsoft Office 2019
  • Заўвага: Версія 1.0 не выкарыстоўвалася, каб пазбегнуць блытаніны з прадуктамі Apple
  • Заўвага: Excel 6.0 не існуе, бо версія Windows 95 пастаўлялася з Word 7. Усе праграмы Office 95 і Office 4.x выкарыстоўвалі OLE 2.0 (аўтаматычная перадача дадзеных паміж рознымі праграмамі), і Excel 7 павінен быў паказваць, што ён адпавядае Word 7.
  • Заўвага: Версія 13.0 была прапушчана з-за трыскайдэкафобіі. Excel 2010 мае ўнутраную версію 14.0.
  • 1985 год — Excel 1.0
  • 1988 год — Excel 1.5
  • 1989 год — Excel 2.2
  • 1990 год — Excel 3.0
  • 1992 год — Excel 4.0
  • 1993 год — Excel 5.0
  • 1998 год — Excel 8.0 (Office '98)
  • 2000 год — Excel 9.0 (Office 2001)
  • 2001 год — Excel 10.0 (Office v. X)
  • 2004 год — Excel 11.0 (Office 2004)
  • 2008 год — Excel 12.0(Office 2008)
  • 2011 год — Excel 14.0 (Office 2011)
  • 2015 год — Excel 15.0 (Office 2016)
  • 1989 год — Excel 2.2
  • 1990 год — Excel 2.3
  • 1991 год — Excel 3.0

Версіі Excel да 7.0 былі абмежаваны ў магчымасцях захоўвання даных, месцячы да 16 384 (214) радкоў. Версіі 8.0—11.0 маглі працаваць з 65 536 (216) радкамі і 256 калонкамі (28). Версіі 12.0 і 14.0 апрацоўваюць да 1 048 576 (220) радкоў і 16 384 (214) калонак[2].

Фарматы файлаў

[правіць | правіць зыходнік]

У Microsoft Excel аж да версіі 2003 (уключаючы) выкарыстоўваўся свой уласны бінарны фармат файлаў (BIFF) у якасці асноўнага[3]. Excel 2007 выкарыстоўвае Microsoft Office Open XML у якасці свайго асноўнага фармату.

Нягледзячы на тое, што Excel 2007 падтрымлівае і накіраваны на выкарыстанне новых XML-фарматаў у якасці асноўных, ён па-ранейшаму сумяшчальны з традыцыйнымі бінарнымі фарматамі. Акрамя таго, большасць версій Microsoft Excel можа чытаць CSV, DBF, SYLK, DIF і іншыя фарматы.

Microsoft Excel 2007, нароўні з іншымі прадуктамі Microsoft Office 2007, уводзіць мноства новых фарматаў файлаў. Яны з’яўляюцца часткай Office Open XML (OOXML) спецыфікацыі.

Новыя фарматы Excel 2007
Фармат Пашырэнне Нататкі
Працоўная кніга Excel .xlsx Стандартны фармат працоўных кніг Excel 2007. У рэчаіснасці гэта сціснуты ZIP-архіў каталога XML-дакументаў. З’яўляецца заменай былога бінарнага фармату .xls, хоць і не падтрымлівае макрасы па меркаваннях бяспекі.
Працоўная кніга Excel з макрасамі .xlsm Тая ж працоўная кніга Excel, але з падтрымкай макрасаў.
Бінарная працоўная кніга Excel .xlsb Тая ж працоўная кніга Excel з макрасамі, але якая захоўвае інфармацыю ў бінарным фармаце, адкрываючы дакументы хутчэй, чым XML. Асабліва часта выкарыстоўваецца для вельмі вялікіх дакументаў з дзясяткамі тысяч радкоў і/ці сотнямі калонак.
Шаблон Excel з макрасамі .xltm Шаблон, створаны як аснова для працоўных кніг, уключана падтрымка макрасаў. Замяняе стары фармат .xlt.
Надбудова Excel .xlam Надбудова Excel, накіраваная на даданне дадатковых функцыянальных магчымасцей і прылад.

Экспарт і перасоўванне табліц

[правіць | правіць зыходнік]

API дазваляе адкрываць табліцы Excel у шэрагу іншых дадаткаў. Гэта складаецца з адкрыцця дакументаў Excel на вэб-старонках з дапамогай ActiveX ці такіх праграм, як Adobe Flash Player. Праект Apache POI уяўляе сабою Java-бібліятэкі для чытання і запісу электронных табліц Excel. Таксама прадпрымаліся спробы капіяваць табліцы Excel у вэб-дадаткі з выкарыстаннем падзеленых коскамі значэнняў (CSV).

Праграмаванне

[правіць | правіць зыходнік]

Важнай магчымасцю Excel з’яўляецца магчымасць пісаць код на аснове Visual Basic для дадаткаў (VBA). Гэты код пішацца з выкарыстаннем асобнага ад табліц рэдактара. Кіраванне электроннай табліцай ажыццяўляецца пасродкам аб’ектна-арыентаванай мадэлі кода і даных. З дапамогай гэтага кода даныя ўваходных табліц будуць імгненна апрацоўвацца і адлюстроўвацца ў табліцах і дыяграмах (графіках). Табліца становіцца інтэрфейсам кода, дазваляючы лёгка працаваць, змяняць яго і кіраваць разлікамі.

Парольная абарона Microsoft Excel

[правіць | правіць зыходнік]

Абарона Microsoft Excel падае некалькі тыпаў розных пароляў:

  • пароль для адкрыцця дакумента[4]
  • пароль для змены дакумента[5]
  • пароль для абароны ліста
  • пароль для абароны кнігі
  • пароль для абароны агульнай кнігі[6]
  • пароль для абароны кода VBA

Усе паролі, акрамя пароля для адкрыцця дакумента, можна выдаліць імгненна, па-за залежнасцю ад версіі Microsoft Excel, у якой быў створаны дакумент. Гэтыя тыпы пароляў у першую чаргу служаць для калектыўнай працы над дакументам. Пры іх выкарыстанні дакумент не шыфруецца, а ў дакуменце захоўваецца хэш ад усталяванага пароля. Хоць пры выкарыстанні пароля для абароны кнігі дакумент шыфруецца на вядомым паролі «VelvetSweatshop», гэта не дадае дакументу дадатковай абароны. Адзіным тыпам пароля, які можа перашкодзіць зламысніку атрымаць доступ да дакумента, з’яўляецца «пароль для адкрыцця», але крыптаўстойлівасць такой абароны моцна залежыць ад версіі Microsoft Excel, у якой быў створаны дакумент.

У Microsoft Excel версіі 95 і раней «пароль на адкрыццё» ператвараецца ў 16-бітны ключ, які ўзломваецца імгненна. У Microsoft Excel 97 / 2000 пароль ператвараўся ўжо ў 40-бітны ключ, які на сучасным абсталяванні таксама можа быць узламаны вельмі хутка. Да таго ж праграмы для ўзлому пароляў могуць перабіраць сотні тысяч пароляў у секунду, што дазваляе не толькі расшыфраваць дакумент, але і знайсці арыгінальны пароль. У Microsoft Excel 2003 / XP сітуацыя трохі палепшылася — карыстальнік можа абраць практычна любы алгарытм шыфравання, даступны ў сістэме (CryptoServiceProvider). Але па змоўчанні засталася ўсё тая ж абарона Microsoft Excel 97 / 2000[7]. Для карыстальнікаў, якія звыкліся давяраць паводзінам праграм па змоўчанні, гэта азначае адсутнасць устойлівай абароны на іх дакументы.

Сітуацыя кардынальна змянілася ў Microsoft Excel 2007 — для шыфравання стаў выкарыстоўвацца сучасны алгарытм AES з ключом у 128 біт, а для атрымання ключа ўжывацца 50000-кратнае выкарыстанне хэш-функцыі SHA1, што паменшыла хуткасць перабору да сотняў пароляў у секунду[8]. У Microsoft Excel устойлівасць абароны па змоўчанні была павялічана яшчэ ў 2 разы дзякуючы ўжыванню ўжо 100000-кратнага SHA1-пераўтварэння пароля ў ключ. Выснова: на дадзены момант устойлівую абарону забяспечваюць толькі дакументы, захаваныя ў фармаце Office 2007 / 2010 з усталяваным на іх устойлівым «паролем на адкрыццё».

З-за таго, што Excel працуе на аснове разлікаў з плывучай коскай, статыстычная дакладнасць Excel падвяргаецца крытыцы[9][10][11][12]. Прыхільнікі Excel заяўляюць у адказ, што памылкі выяўляюцца толькі ў адмысловых умовах адмыслова падабраных зыходных дадзеных, якія закранаюць адносна невялікі лік карыстальнікаў, і з нізкай верагоднасцю могуць сустрэцца на практыцы. Для версій 97, 2000, 2002 зафіксаваны памылкі пры выкананні функцыі MOD (дзяленне з рэшткай) пры вызначаных аргументах, дзе функцыя замест выніку вяртае памылку #NUM![13].

Праблемы з датай

[правіць | правіць зыходнік]

У версіях Excel да 2016 улучна 1900 год хібна лічыўся высакосным[14][15]. Памылка паўстала ў Lotus 1-2-3, была наўмысна занесена ў Excel для сумяшчальнасці і падтрымлівалася для зваротнай сумяшчальнасці[16][17].

Памылкі адлюстравання Excel

[правіць | правіць зыходнік]

22 верасня 2007 года было паведамлена[18], што ў некаторых сітуацыях Excel 2007 будзе паказваць няправільныя вынікі. У прыватнасці, для тых пар лікаў, чыё множанне роўнае 65535 (напрыклад, 850 і 77,1), Excel адлюструе ў якасці выніку 100000. Гэта адбываецца прыкладна з 14,5 % такіх пар[19]. Акрамя таго, калі да выніку дадаць адзінку, Excel выведзе вынік 100001. Аднак калі з выніку адняць адзінку, на дысплеі адлюструецца правільны вынік 65534 (таксама, калі вынік памножыць ці падзяліць на 2, будуць адлюстраваны 131070 і 32767,5 адпаведна).

Microsoft паведаміла ў блогу Microsoft Excel[20], што праблема існуе ў адлюстраванні шасці пэўных значэнняў з плывучай коскай паміж 65534,99999999995 і 65535 і шасці значэнняў паміж 65535,99999999995 і 65536 (не ўключаючы межаў). Любыя разлікі, вынік якіх роўны аднаму з дванаццаці значэнняў, будуць адлюстроўвацца няправільна. Фактычныя даныя, якія захоўваюцца і што перадаюцца ў іншыя ячэйкі, дакладныя, няслушна толькі адлюстраванне значэння. Памылка з’явілася ў Excel 2007 і адсутнічае ў папярэдніх версіях. 9 кастрычніка 2007 года Microsoft выпусціла патч, які выпраўляе праблему[21]. Ён увайшоў і ў склад выпраўленняў Service Pack 1.

Дадзеная памылка не назіраецца ў Microsoft Excel 2016.

Зноскі

  1. Агляд Microsoft Office Excel 2007 Архівавана 24 красавіка 2008 года.
  2. Узрослыя магчымасці Excel 2007. Архівавана з першакрыніцы 30 жніўня 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  3. How to extract information from Office files by using Office file formats and schemas. Архівавана з першакрыніцы 14 мая 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  4. Шыфраванне дакумента і заданне пароля для яго адкрыцця. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2011. Праверана 29 кастрычніка 2011.
  5. Заданне пароля для змены дакумента. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2011. Праверана 29 кастрычніка 2011.
  6. Абарона ліста ці кнігі паролем Архівавана 26 кастрычніка 2011 года.
  7. Парольная абарона дакументаў Microsoft Office. Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2011. Праверана 29 кастрычніка 2011.
  8. Office 2007: новы фармат і новая абарона. Архівавана з першакрыніцы 6 кастрычніка 2011. Праверана 29 кастрычніка 2011.
  9. Using Excel for Data Analysis. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  10. Reliability of Statistical Procedures in Excel Архівавана 11 мая 2008 года.
  11. Архіваваная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 19 мая 2007. Праверана 20 ліпеня 2008.
  12. Faculty of Engineering and Computing(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 10 сакавіка 2013. Праверана 2 сакавіка 2013.
  13. XL: () Function Returns #NUM! Error Value. Архівавана з першакрыніцы 12 мая 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  14. Days of the week before March 1, 1900 are incorrect in Excel. Архівавана з першакрыніцы 12 студзеня 2012. Праверана 20 ліпеня 2008.
  15. Excel 2000 incorrectly assumes that the year 1900 is a leap year. Архівавана з першакрыніцы 11 мая 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  16. My First BillG Review — Joel on Software. Архівавана з першакрыніцы 7 чэрвеня 2008. Праверана 20 ліпеня 2008.
  17. Matthew MacDonald. Excel 2007: the missing manual Архівавана 22 снежня 2014. O’Reilly, 2006. ISBN 0-596-52759-4
  18. Bug in Excel 2007 — microsoft.public.excel | Google Groups. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2007. Праверана 20 ліпеня 2008.
  19. Excel 2007 паказвае няслушныя адказы ў простых вылічэннях VeroBlog
  20. Абнаўленне вылічэнняў Архівавана 6 кастрычніка 2007 года. Блог каманды Microsoft Excel
  21. Абнаўленне вылічэнняў (патч даступны) Архівавана 26 чэрвеня 2008 года. Блог каманды Microsoft Excel
  • Джон Уокенбах. Excel 2013: профессиональное программирование на VBA = Excel 2013 Power Programming with VBA. — М.: «Диалектика», 2014. — 960 с. — ISBN 978-5-8459-1877-2.
  • Грег Харвей. Microsoft Excel 2013 для чайников = Excel 2013 For Dummies. — М.: «Диалектика», 2013. — 368 с. — ISBN 978-5-8459-1855-0.