Пападам
Пападам (там.: பப்படம், хіндзі: पापड़, панджаб.: ਪਾਪਡ, непальск.: पापड, гудж.: પાપડ, кан.: ಹಪ್ಪಳ, бенг.: পাপড, малаял.: പപ്പടം, тэлугу: అప్పడాలు) — вельмі тонкая круглая выпечаная аладка з сачавічнай мукі.
Гэты від хлебнай аладкі шырока распаўсюджаны ў розных рэгіёнах Індыі і Непала. У Паўночнай Індыі яна носіць назву папад, у Паўднёвай Індыі, у малаялі, яна называецца пападам, у канара — хапала, у тамілаў — апалам.
Пападам павінен быць добра падсмажаным і хрумсткім. Падаецца да страў кары, тхалі ці выкарыстоўваецца як лёгкая закуска.
Цеста для пападаму робіцца з сачавічнай мукі або з сумесі сачавічнай і рысавай мукі. Існуюць таксама варыянты з выкарыстаннем гарохавай мукі. Даданне розных рэзкіх затавак і травы — перцу, папрыкі, кмена, часныку і інш. надае аладкам пікантны, востры і духмяны смак. Пападам гатуецца шляхам падсмажвання тонка раскочаных аладак з двух бакоў у гарачым алеі. Затым ён астуджаецца на спецыяльнай рашотцы або пры дапамозе ўпітвальнай паперы. Для пазбягання занадта высокага ўтрымання тлушчу ў аладцы, яе вытрымоўваюць пры дапамозе адмысловага відэльца ў печы-тандыры або грыляць на рашотцы або, апырскаўшы алеем, даводзяць да гатовага стану ў мікрахвалевай печы.