[go: up one dir, main page]
More Web Proxy on the site http://driver.im/Перайсці да зместу

Яёй

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Яёй
Бронзавы век, жалезны век
Кераміка Яёй
Геаграфічны рэгіён Далёкі Усход
Лакалізацыя Японскія астравы
Датаванне III стагоддзе да н. э.III стагоддзе н. э.
Тып гаспадаркі сельская гаспадарка
Пераемнасць
Дзёмон Кафун
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Яёй (яп.: 弥生) — археалагічная культура позняга бронзавага веку — пачатку жалезнага веку на Японскіх астравах. Традыцыйна адносіцца да перыяду паміж III стагоддзем да н. э. і III стагоддзем н. э.. Некаторыя сучасныя даследчыкі мяркуюць, што зараджэнне Яёй можна датаваць пачаткам 1 тысячагоддзя да н. э.

Культура Яёй атрымала сваю назву ад наймення прадмесця Токіа, дзе ў 1884 г. былі знойдзены яе першыя артэфакты. Вылучэнне адбылося ў першую чаргу дзякуючы асаблівасцям керамікі, якая адрознівалася ад папярэдняй эпохі Дзёмон сваёй функцыянальнасцю, меншым вонкавым аздабленнем. Сцены пасудзін былі тонкімі, нераствораныя камячкі гліны часам наносіліся на корпус, каб зрабіць яго меней сітаватым. Ужо першыя даследчыкі заўважылі падабенства керамікі Яёй са старажытнай керамікай Карэйскага паўвострава. Разам з гэтым, яны адзначалі яўны ўплыў вытворчай тэхналогіі Дзёмон.

У перыяд Яёй на Японскіх астравах узнікла земляробства, пачалося вырошчванне проса і рысу. Таму паселішчы набылі стацыянарны характар. Болей за тое, яны былі добра ўмацаванымі. Знутры паселішчаў знойдзены сховішчы. Відавочна, у іх трымалі збожжа. Стала вядома металургія, выраб бронзы і апрацоўка жалеза. Акрамя металічнай зброі, шырока ўжываліся цырыманіяльныя бронзавыя званы дотаку. Тагачасныя майстры ўмелі атрымоўваць шкло, выраблялі з яго люстэркі. Археолагамі высоўваецца думка, што грамадства Яёй было сацыяльна распластаваным.

Найстаражытнейшыя артэфакты культуры Яёй знойдзены на поўначы вострава Кюсю, адкуль яна была перанесена на суседні Хонсю. Пашырэнне Яёй супадае са з’яўленнем першай пісьмовай узгадкі пра Японію ў Кітаі ў 57 г. н. э. Кітайцы эпохі Хань называлі сваіх усходніх астраўных суседзей Ва. У 257 г. паведамлялі, што народ Ва сілкуецца сырой рыбай, гароднінай і рысам, якія падаюцца на бамбукавых і драўляных падносах. Краінай кіравала жрыца хіміко. Насельнікі Ва быццам бы лічылі сябе нашчадкамі выхадцаў з ніжняй плыні Янцзы.

Традыцыйная перыядызацыя культуры Яёй заснавана на вывучэнні асаблівасцей керамікі. Прынята вылучаць:

  • Ранні перыяд Яёй (250 — 100 гг. да н. э.) — вонкавы пласт пасудзін надразаўся нажом
  • Сярэдні перыяд Яёй (100 г. да н. э. — 100 г. н. э.) — грабеньчатая кераміка
  • Позні перыяд Яёй (100 — 250 гг.) — шліхтаваная кераміка

У нашы дні вывучэнне штучных насыпаў, якія могуць з’яўляцца рэшткамі ірыгацыйных збудаванняў для абваднення рысавых палеткаў, а таксама ўдасканаленае радыевугляроднае датаванне металічных артэфактаў паказваюць, што культура Яёй значна старэйшая за III ст. да н. э. Яе пачатак можа быць аднесены да 900 г. да н. э.

Антрапалагічныя даследаванні чалавечых рэштак культур Дзёмон і Яёй паказалі істотныя адрозненні ў знешнім абліччы насельнікаў дзвюх эпох. Насельнікі Дзёмон мелі меншы рост, даўжэйшыя перадплеччы і галёнкі, шырока расстаўленыя вочы, больш выяўлены рэльеф твару. Ужо першыя даследчыкі культуры Яёй высунулі гіпотэзу пра тое, што яе носьбіты мігрыравалі з Карэйскага паўвострава. Тым не меней, на працягу XX ст. абмяркоўваліся магчымасці трансфармацыі аблічча носьбітаў Дзёмон пад уплывам новых вытворчых заняткаў і змяшэння папярэдніх тубыльцаў з мігрантамі з кантыненту. У другой палове 1990-х гг. быў апублікаваны шэраг прац, у якіх сцвярджалася, што матэрыяльная культура Яёй болей падобная на тагачасную культуру кітайскай правінцыі Цзянсу. Магчымую міграцыю з Кітая ўскосна пацвярджае тое, што сарты японскага рысу паходзяць з вобласці Янцзы, а не з Карэі.

Доўгі час насельніцтва эпох Дзёмон і Яёй разглядалася ў якасці асноўных продкаў сучасных японцаў. У выніку генетычных даследаванняў было выяўлена, што японцы маюць толькі 13 % генетычнай спадчыны насельнікаў Дзёмон і 16 % генетычнай спадчыны насельнікаў Яёй. Найбольшы генетычны ўнёсак зрабілі прадстаўнікі трэцяй, дагэтуль невядомай буйной міграцыйнай хвалі з Усходняй Азіі ў эпоху Кафун.