Медаед (Mellivora capensis) — від сысуноў з сямейства куніцавых, якія жывуць у Афрыцы і ў Азіі. Вылучаецца ў асобны род і асобнае падсямейства.
Вонкава падобны з барсуком. Даўжыня цела 68-77 см, хваста 17-25 см, маса 7-13 кг, самцы крыху цяжэйшыя за самак. Галава шырокая з кароткім вострым носам, вочы маленькія, бачных частак вушэй няма. Канечнасці кароткія, тоўстыя, з доўгімі (асабліва на пярэдніх лапах) кіпцюрамі, якія дапамагаюць пры капанні. Поўсць грубая і рэдкая, пуховых валасоў няма. Верх галавы ззаду вачэй, шыя і спіна, уключаючы бакі, белыя, лапы, чэрава і ніжняя частка бакоў чорныя.
Распаўсюджаны ў засушлівых раёнах Афрыкі (акрамя Сахары), Паўднёва-Заходняй і Паўднёвай Азіі. Вільготных лясоў і пустыняў пазбягае. У горы паднімаецца да 3000 м.
Нягледзячы на тэндэнцыю да зніжэння колькасці, у спісе МСАП прыведзены як від, стан якога не выклікае асцярог.
Усеядны, есць дробных млекакормячых, насякомых і іх лічынак, у т. л. земляных пчол і вос, а таксама мёд. Актыўны ў змрочны і начны час, у халаднаватае надвор'е - днём. Дзень праводзіць у простых норах, даўжынёй 1-3 м, з адной гнездавой камерай, якія капае сам. Трымаецца паасобку, зрэдку з маладняком, ці халастыя самцы ўтвараюць групы. Участак асобіны - некалькі квадратных кіламетраў. Месцамі можа шкодзіць пчалярству.
Цяжарнасць 6-7 месяцаў. У прыплодзе 2–4 дзіцяняты. Маладыя асобіны трымаюцца з маці каля года. У няволі дажывае да 26 гадоў.